НАПОРЫСТЫЯ, КЕМЛІВЫЯ, ДРУЖНЫЯ
Як ні стараліся чорныя хмары, як ні пужаў халоднай вадой жнівеньскі дождж – на
мінулым тыдні маштабна і відовішчна прайшло адно з самых эмацыянальных,
насычаных і хвалюючых мерапрыемстваў. У абласным этапе рэспубліканскага сямейнага
сельскагаспадарчага праекту "Уладар сяла” на Чачэршчыну прыехалі паспаборнічаць
і паказаць свае творчыя і практычныя ўменні сем каманд Гомельскай вобласці, у
тым ліку і нашы чачаране. Словы наказу з высокай трыбуны уладарам сяла выказаў
намеснік старшыні Чачэрскага райвыканкама Сяргей Ткачук. Знаёмства з
канкурсантамі пачалося ўжо з дэманстрацыі персанальных выстаў, дзе сем’і
маляўніча і багата прадставілі як вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, так
і сельскагаспадарчую прадукцыю з уласных агародаў. Самы людны натоўп жадаючых
пакаштаваць хатнюю ежу сабраўся каля падворка рагачоўскай каманды. Тут
праходзіла дэгустацыя беларускіх страў і напояў, у тым ліку прапанавалася
адведаць смажанага мяса і салёненькіх агурчыкаў.
Падмацаваўшыся злёгку апетытнай выпечкай і духмянай свінінай, каманды выйшлі на
фінішную прамую. Такія конкурсы, як "Святочны воз”, "Бульбашы”, "Па дровы”
выклікалі шэраг бурных апладысментаў, шквал эмоцый і прымусілі ўдзельнікаў
спаборніцтва праявіць кемлівасць, прыкласці фізічную сілу, бо зацягнуць супонь,
або на хуткасць распіліць тоўстае бервяно, скласці дровы, перабраць бульбу –
працэс хоць і знаёмы многім, але калі цябе ўзялі "на секундамер” і за спіной
дзесяткі пар вачэй, то і рукі трасуцца, і сэрца калоціцца. Тым не менш звыклыя
да вясковай працы ўдзельнікі конкурсу пераадолелі ўсе іспыты і належна
фінішыравалі на апошнім з этапаў сельгаспраекту. Атрымаць заслужаную перамогу
прызёрам не перашкодзілі ні золкія каплі з румзаючага неба, ні апанаванае
пачуццё хвалявання. Упэўнена наперад выбілася каманда са Светлагорску, якая
праявіла найбольшую гаспадарлівасць і напорыстасць. Другімі, што вельмі
прыемна, сталі нашы чачаране Дзяніс і Любоў Звярковы. І замкнулі тройку лідараў
рагачоўцы. Але ў кожнай з намінацый былі свае прызёры, так што ніхто не
застаўся пакрыўджаны і абдзелены ўвагай. Адзнаку праведзенай гульні старшыня
журы, першы сакратар Гомельскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання
"БРСМ” Мікалай Звёздкін даў наступную: "Ужо адно тое, што сем’і пагадзіліся
прыняць удзел у гэтым конкурсе і не пабаяліся выйсці на сцэну заслугоўвае
павагі. Упэўнены, што агульнае жаданне перамагчы, душэўныя перажыванні і працэс
падрыхтоўкі яшчэ больш аб’ядналі і згуртавалі самае моцнае звяно нашага
грамадства”.
На свяце рэспубліканскіх дажынак у г.Жлобіне светлагорцы будуць абараняць гонар
свайго рэгіёну на завяршальным этапе рэспубліканскага маладзёжнага
сельскагаспадарчага праекту "Уладар сяла – 6”. Пажадаем ім не губляць
аптымізму, надзеі і добрых сямейных адносін.
Сачыла за гульнёй
пад парасонам
Валянціна ПРАНКЕВІЧ
|